Вучэньні «Захад-2017» ствараюць найбольшыя пагрозы менавіта для Беларусі — украінскі экспэрт
Прафэсар Кіева-Магілянскай акадэміі, навуковы дырэктар фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы» Аляксей Гарань мяркуе, што невялікая колькасьць запрошаных замежных назіральнікаў на беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2017» можа сьведчыць пра намер Расеі прыхаваць сапраўдныя маштабы манэўраў і колькасьць прыцягнутых войскаў.
«Ёсьць пэўныя сродкі даверу, і гэта зафіксавана ў дамове аб абмежаваньні звычайных відаў узбраеньняў у Эўропе. Адкрытасьць ваенных манэўраў мае служыць такім засьцерагальнікам для таго, каб папярэдзіць магчымыя агрэсіўныя намеры любога з бакоў. Такія ж абавязаньні маюць і заходнія краіны, калі праводзяць манэўры ў Эўропе. Тое, што Расея хоча запрасіць меншую колькасьць назіральнікаў на меншую колькасьць палігонаў, каб яны не атрымалі належнай карціны — гэта відавочна сьведчыць пра тое, што Расея спрабуе схаваць некаторыя рэчы», — сказаў Свабодзе Аляксей Гарань.
Паводле яго, гаворка можа ісьці, як пра заніжэньне колькасьці жаўнераў і баявой тэхнікі, гэтак і пра намер схаваць адпрацоўку пэўных манэўраў. «А таксама паменшыць нейкія рэчы, якія тычацца самой гатоўнасьці расейскай арміі, бо мы ж ведаем, што насамрэч там далёка ня ўсё добра, але трэба ж запалохаць Захад. Такая стратэгія пагроз у Пуціна і ёсьць практычна адзіным ягоным козырам», — дадаў экспэрт.
Пуцін відавочна адпрацоўвае ў ваенным пляне некалькі сцэнараў, і таму я не выключаю, што адзін зь іх — нейкая гібрыдная апэрацыя на тэрыторыі, скажам, Эстоніі, Латвіі або на мяжы з Польшчай
Аляксей Гарань мяркуе, што, нягледзячы на існуючыя ў заходніх краінах і ва Ўкраіне перасьцярогі адносна ўзьнікненьня вялікага вайсковага канфлікту пасьля вучэньняў «Захад-2017», кіраўніцтва Расеі не наважыцца на такія дзеяньні. «Гэта прывядзе да катастрофы ў самой Расеі, бо адразу ж адбудзецца разрыў з Захадам у фінансава-эканамічнай сфэры: банкі адключаць ад SWIFT, на іх накладуць дадатковыя санкцыі, а гэта будзе эканамічная катастрофа для Расеі», — перакананы ён.
«Але Пуцін відавочна адпрацоўвае ў ваенным пляне некалькі сцэнараў, і таму я не выключаю, што адзін зь іх — нейкая гібрыдная апэрацыя на тэрыторыі, скажам, Эстоніі, Латвіі або на мяжы з Польшчай. Пуцін можа сказаць, што абараняе правы расейскамоўнага насельніцтва гэтых краін. Я таксама не выключаю, што гэтыя вучэньні — такое своеасаблівае запалохваньне і Захаду, і Ўкраіны, маўляў: «Бойцеся. Так, мы слабыя эканамічна і можам абваліцца, але мы пацягнем вас усіх у гэтую прорву», — мяркуе ўкраінскі экспэрт.
Паводле Аляксея Гараня, найбольшыя пагрозы вучэньні ствараюць для Ўкраіны і для Беларусі. «Манэўры адбываюцца на паўночнай мяжы з Украінай, і гэта, безумоўна, будзе адцягваць увагу ўкраінскіх ваенных ад усходняга напрамку, таму што нашы войскі павінны быць у гатоўнасьці на паўночным кірунку, іх трэба будзе ўзмацняць», — адзначыў ён.
Але найбольш пагроз я бачу якраз для Беларусі — гэта прысутнасьць расейскіх вайскоўцаў на яе тэрыторыі і дадатковыя сродкі кантролю над беларускай палітыкай, магчымая таемная адпрацоўка сцэнарыяў дадатковага разьмяшчэньня расейскіх вайскоўцаў у Беларусі, атрыманьня належнай выведвальнай і ваенна-стратэгічнай інфармацыі
«Але найбольш пагроз я бачу якраз для Беларусі — гэта прысутнасьць расейскіх вайскоўцаў на яе тэрыторыі і дадатковыя сродкі кантролю над беларускай палітыкай, магчымая таемная адпрацоўка сцэнарыяў дадатковага разьмяшчэньня расейскіх вайскоўцаў у Беларусі, атрыманьня належнай выведвальнай і ваенна-стратэгічнай інфармацыі. Уласна, мы ведаем, што там, дзе зьяўляюцца „зялёныя чалавечкі“, там ёсьць пагроза», — перакананы Аляксей Гарань.
Экспэрт мяркуе, што кіраўнік Беларусі вядзе даволі рызыкоўную гульню. «Лукашэнка падчас візыту ў Кіеў супакойваў украінскі бок, што ён не дапусьціць, каб вучэньні былі накіраваныя супраць Украіны. Насамрэч, ён, як заўсёды, спрабуе весьці такую складаную гульню — балянсаваць паміж рознымі сіламі, ён спрабуе і з Захадам неяк палепшыць стасункі, каб выкарыстоўваць гэта супраць Расеі, і выкарыстоўваць партнэрства з Расеяй, каб шантажаваць Захад — гэта ягоная традыцыйная гульня. Але гэтая гульня рызыкоўная. Прысутнасьць расейскіх войскаў і спэцслужбаў на тэрыторыі Беларусі ў першую чаргу — гэта пагроза для самой Беларусі», — рэзюмаваў прафэсар Кіева-Магілянскай акадэміі, навуковы дырэктар фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы» Аляксей Гарань.
У расейска-беларускіх вучэньнях «Захад-2017», якія пройдуць 14–20 верасьня, плянуецца задзейнічаць каля 13 тысяч вайскоўцаў. Расейскія войскі пачалі прыбываць у Беларусь 15 жніўня. Вучэньні пройдуць на шасьці палігонах у Беларусі: Лепельскім, Барысаўскім, Лосьвідзе, Асіповіцкім, палігонах ВПС і войскаў СПА — Ружанскім і Даманаўскім, а таксама паблізу вёскі Дрэтунь.
Беларусь запрасіла для назіраньня за вучэньнямі на сваёй тэрыторыі па два назіральнікі зь сямі краінаў.
Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што Расея і Беларусь ня выканалі сваіх міжнародных абавязаньняў абсалютнай празрыстасьці сумесных вайсковых вучэньняў «Захад-2017», заплянаваных на верасень у Беларусі. Паводле яго, NATO накіруе двух сваіх экспэртаў для назіраньня, але гэтай колькасьці недастаткова.
Оригінал статті: Радыё Свабода